Беларуская Служба

ЦВК не збіраецца рэагаваць на скагру магілёўскага актывіста

05.06.2020 11:14
ЦВК адказала Аляксею Паўлоўскаму: Вы прысвоілі ўяўныя паўнамоцтвы дзейнічаць ад нявызначанага кола асобаў.
ВыбарыPhoto: ulleo/pixabay.com/CC0 Public Domain

Магілёўскі актывіст Аляксей Паўлоўскі, які з'яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Дзмітрыева, напісаў скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію на прымусовы збор подпісаў на прадпрыемствах горада за Аляксандра Лукашэнку. У якасці прыкладу прывёў Магілёўскае ААТ „Ольса”, дзе подпісы збіралі ахоўнікі „па даручэнні дырэктара прадпрыемства”, паведамляе spring96.org

Аляксей Паўлоўскі прасіў ЦВК правесці праверку, спыніць збор подпісаў з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу на прадпрыемствах горада і патрабаваў пазбавіць ініцыятыўную групу дзейнага прэзідэнта рэгістрацыі.

У сваім адказе за подпісам Лідзіі Ярмошынай, ЦВК напісала:

 „У сувязі са зваротам, які датычыцца выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння А. Г. Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты, адзначаем, што Вы прысвоілі ўяўныя паўнамоцтвы дзейнічаць ад нявызначанага кола асобаў”.

Таксама ЦВК спаслалася на тое, што ў звароце не прыводзіцца канкрэтных звестак аб парушэннях пры зборы подпісаў. У гэтай сувязі прыняць меры рэагавання ЦВК не ўяўляецца магчымым.

аз