Беларуская Служба

Лукашэнка пра арышт Ціханоўскага: «Так, я даў сігнал»

29.06.2020 11:09
«Галоўнае ж, не разумеюць людзі, што ідзе спакойнае расхістванне становішча».
Аляксандр ЛукашэнкаАўтар: Okras - Уласны твор, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=34558726

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з актывам Міншчыны ў Салігорску прызнаў, што «даў сігнал» да затрымання свайго апанента, блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама расказаў пра «справу Белгазпрамбанку», у межах якой быў арыштаваны яшчэ адзін ягоны апанент, Віктар Бабарыка. Частку размовы, якая адбывалася без журналістаў, паказаў тэлеканал «Беларусь-1» у перадачы «Галоўны эфір», перадае Свабода.

«Галоўнае ж, не разумеюць людзі, што ідзе спакойнае расхістванне становішча, – казаў Лукашэнка. – Калі б мы тады некаторых не ацверазілі, сёння б бушаваў і Салігорск. Усё пачынаецца паступова, мы гэта ведаем. Расхістваецца становішча ўнутры краіны, даводзіцца да шаленства, ідзе наступ на дзейную ўладу, адбываецца злом улады.

Добра, калі хтосьці садзіцца ў крэсла ўлады прабеларускі, тады ладна ўжо з гэтым Майданам. Праз Майдан, беспарадкі, цяганіну – аж да звароту да замежнай дзяржавы. Ці вы гэта выключаеце? А я не. Я думаць павінен па максімуме. Чаму? Таму што я не ведаю, якія дзеянні яны распачнуць.

Так, я даў сігнал з Ціханоўскім. Я нешта ня так рабіў? Я перажываў за сваю краіну, за якую я пакуль яшчэ адказваю. І буду адказваць заўсёды – у любой якасці».

Супрацоўнікі спэцназу затрымалі Сяргея Ціханоўскага а 20-й гадзіне 29 траўня падчас перадвыбарчага пікету ягонай жонкі, Святланы Ціханоўскай, у Гродне. Лукашэнка апісваў нейкія затрыманні, падобныя да гродзенскіх, за 4 гадзіны да гэтых падзеяў.

Ціханоўскаму і яго паплечнікам выставілі абвінавачанне ў «падрыхтоўцы парушэння парадку», бо, паводле следства, у час пікету для збору подпісаў у Гродне было арганізавана правядзенне незаконнага грамадскага мерапрыемства, мітынгу, падчас якога ўчынены групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак.