Беларуская Служба

«Міжнародная амністыя» заклікае неадкладна вызваліць Паўла Севярынца

05.07.2020 12:52
«З дакладных крыніц нам стала вядома пра жорсткае абыходжанне пад вартай з ветэранам беларускай апазіцыі Паўлам Севярынцам».
Павал Севярынецфота: Наша Ніва

Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня каля свайго дома неўзабаве пасля таго, як правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам «народны пікет свабоды і салідарнасці» побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзідэнты. На наступны дзень суд Фрунзенскага раёна Мінска арыштаваў яго на 15 сутак за ўдзел у адным з папярэдніх перадвыбарных пікетаў. Пазней Севярынцу былі прызначаныя адміністрацыйныя арышты за ўдзел у іншых акцыях. У выніку некалькіх судовых пасяджэнняў Севярынец атрымаў сумарна 90 сутак арышту - нагадвае сайт «Навіны».

«З дакладных крыніц нам стала вядома пра жорсткае абыходжанне пад вартай з ветэранам беларускай апазіцыі Паўлам Севярынцам, якога арыштавалі 7 чэрвеня. Павел Севярынец – вязень сумлення, якога варта неадкладна вызваліць без усялякіх умоў, а да таго часу гарантаваць яго бяспеку і недатыкальнасць», – гаворыцца ў паведамленні «Міжнароднай амністыі».

Аўтары паведамлення нагадваюць, што Севярынца ўжо прызнавалі вязнем сумлення ў 2011 годзе. Тады ён быў прыгавораны да трох гадоў папраўчых работ па выніках удзелу ў масавых акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Праваабаронцы заклікаюць неабыякавых грамадзян далучыцца да акцыі «Міжнароднай амністыі» – накіроўваць на імя генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка лісты з патрабаваннямі неадкладна вызваліць Паўла Севярынца.

«Міжнародная амністыя» таксама звяртае ўвагу на тое, што «у адказ на беспрэцэдэнтную мабілізацыю апазіцыі і акцыі пратэсту супраць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі па ўсёй Беларусі ўлады разгарнулі бязлітасную кампанію па дыскрэдытацыі і затрыманні асноўных кандыдатаў у прэзідэнты па сфабрыкаваных абвінавачваннях».

нг