Ініцыятыўная група Валерыя Цапкалы збіраецца прыцягнуць да адказнасці тых, хто дапусціў маніпуляцыі з подпісамі за яго вылучэнне ў прэзідэнты Беларусі. Намаганні штаба цяпер накіраваныя на тое, каб высветліць дэталі і запусціць „прававы працэс”, паведамляе „Еўрарадыё”.
„Мы спрабуем атрымаць усе неабходныя юрыдычныя дадзеныя ў дачыненні да таго, хто займаецца маніпуляцыяй. Будзем перадаваць гэта ў суд. Будзем апеляцыю падаваць у Вярхоўны суд. Будзем перадаваць апеляцыю ў Міжнародны суд па правах чалавека. Людзі — усе, якія займаюцца супрацьпраўнай дзейнасцю, будуць зафіксаваныя. Іх імёны будуць вядомыя. Ім наўрад ці дазволяць уезд у краіны Еўрасаюза, у Злучаныя Штаты Амерыкі, можа быць і ў шэраг іншых краін”, - заявіў Цапкала падчас стрыма ўвечары 5 ліпеня.
Палітык не выключае, што ў прызнанні некаторай часткі подпісаў несапраўднымі можа быць віна зборшчыкаў подпісаў. Таксама за гэтым, на яго думку, могуць стаяць члены тэрытарыяльных выбарчых камісій.
30 чэрвеня Цэнтрвыбаркам агучыў, колькі подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты пасля праверкі прызнаныя сапраўднымі. Больш за палову подпісаў са 160 тысяч, пакінутых за экс-кіраўніка беларускага Парку высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалу, былі забракаваныя. Тых 75 тысяч, якія засталіся, недастаткова для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты.
„Гэта злачынства супраць народа. Супраць таго, каб людзі маглі выбіраць сабе таго кіраўніка, з якім яны хацелі б звязаць свае наступныя пяць гадоў жыцця, пяць гадоў развіцця нашай краіны”, - падсумаваў у стрыме Цапкала.
аз