Сябры Каардынацыйнага савета Антон Раднянкоў, Іван Краўцоў і Марыя Калеснікава «прайшлі памежны кантроль і выбылі ў бок Украіны». Пра гэта TUT.BY распавёў афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Беларусі Антон Бычкоўскі.
«8 верасня, у пачатку пятай раніцы Антон Раднянкоў, Іван Краўцоў і Марыя Калеснікава прайшлі памежны кантроль у пункце пропуску «Аляксандраўка» выбылі ў бок Украіны», – паведаміў Антон Бычкоўскі.
Тым часам тэлеканал «Беларусь 1» у сваім телеграм-канале паведаміў, што Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў «гэтай ноччу збеглі за мяжу». «Цяпер яны знаходзяцца на тэрыторыі Украіны. Іх калега Марыя Калеснікава спрабавала незаконна пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, але была затрыманая на мяжы», – гаворыцца ў паведамленні.
У Дзяржпагранкамітэце не змаглі пацвердзіць гэтую інфармацыю, паўтарыўшы, што памежны кантроль прайшлі ўсе трое.
Нагадаем, раніцай 7 верасня невядомыя людзі ў цэнтры Мінска пасадзілі Марыю Калеснікава ў мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» і павезлі ў невядомым кірунку. Таксама на сувязь перасталі выходзіць прадстаўнікі Каардынацыйнага савета Антон Радненкаў і Іван Краўцоў. Пазней стала вядома, што ў кватэры Івана Краўцова супрацоўнікі ДФР КДК правялі ператрус.
Увечары родныя Марыі Калеснікавай падалі ў міліцыю заяву аб яе знікненні. У міліцыі заяву прынялі, піша TUT.BY.
Марыя Калеснікава не збіралася пакідаць межы Беларусі, заявіў член Каардынацыйнай рады Максім Знак. Максім Знак паведаміў Свабодзе, што не можа пацвердзіць выезд Калеснікавай, Краўцова і Раднянкова ва Украіну.
«Яны не выходзілі на сувязь. Акрамя таго, мы з Марыяй Калеснікавай абмярковалі сітуацыю пасля таго, што здарылася з Вольгай Кавальковай, якую вывезлі ў Польшчу. І Марыя казала, што ні ў якім разе не будзе згодная на выезд з краіны, калі такое здарыцца з ёю».
ав