У раённых гарадах Гродзенскай вобласці падхапілі ініцыятыву па збору подпісаў за адкліканне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Выбарцы актыўна бяруць у гэтым удзел. Найперш ініцыятыва па збору подпісаў за адкліканне дэпутатаў пачалася з Гродна.
У Смаргоні здалі больш 160 подпісаў пры патрэбных 150-ці дзеля таго, каб улады дазволілі правесці сход па адкліканню дэпутата па 59-й выбарчай акрузе Віктара Свілы.
Яго адкліканне аргументуецца тым, што будучы дэпутатам ён не прыклаў ніякіх намаганняў дзеля таго, каб быў зменены выбарчы кодэкс з-за чаго, як лічаць выбарцы акругі, сталі магчымыя фальсіфікацыі выбаў і што ў выніку прывяло да масавых пратэстаў у краіне.
У Слоніме здалі 349 подпісаў. Большасць людзей, паводле актывіста Алеся Масюка, казалі, што такі дэпутат, які нічога не робіць і ад якога нічога незалежыць у парламенце – непатрэбны. і«І яшчэ казалі, што нам не патрэбен такі дэпутат, які падтрымлівае дыктатара, які развязаў вайну супраць сваіх грамадзян».
А вось у Ваўкавыску не падтрымалі гэтай ініцыятывы. Паводле мясцовых актывістаў, у горадзе ў парламенцкіх выбарах бралі ўдзел не больш за 20% выбарцаў і там лічаць, што яны не маюць дэпутата.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ