Рэжысёры Гродзенскага абласнога тэатра Сяргей Курыленка і Генадзь Мушперт заявілі 27 кастрычніка пра ўдзел у агульнанацыянальным страйку. У гэты ж дзень яны былі звольненыя з працы. Абодва рэжысёры выносілі свае рэчы з тэатра пад апладысменты сваіх калегаў і прыхільнікаў іх таленту.
Генадзь Мушперт з іроніяй заўважыў, што адпрацаваў у тэатры 26 гадоў, столькі ж, як і Лукашэнка на пасадзе прэзідэнта, і, маўляў, cыходзіць ім разам. Сяргей Курыленка сказаў, што Гродзенскаму тэатру аддаў 40 гадоў працы і яго вельмі засмучае тая сітуацыя, што даводзіцца яго пакідаць, хоць творчых планаў было яшчэ шмат. Але, паводле яго, давялося выбіраць:
-Я аддаў свой голас за Ціханоўскую і для мяне гэта важна, што я падтрымліваю страйк. І я не бачу іншых шляхоў, як гэты крызіс вырашыць.
Адзінае, аб чым найбольш шкадуюць абодва рэжысёры, ім не ўдалося падрыхтаваць прэм’еру новага спектакля, хаця ўжо было праведзена шмат рэпетыцый.
Некалькі тыдняў таму з тэатра быў звольнены актор Ігар Уланаў. 20 верасня ў Гродне падчас несанкцыянаванай акцыі быў затрыманы Сяргей Курыленка са сваёй жонкай. Акторы даведаліся аб гэтым падчас спектакля, аб’явілі гледачам і спынілі спектакль.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ