Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Год турмы далі мужчыну хвораму анкалогіяй

16.12.2020 16:02
Аляксея Раманава судзілі па крымінальнай справе за «абразу прэзідэнта».
.
Правасуддзе. Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/succo/CC0 creative commons

Жыхара Гомеля з анкалогіяй пакаралі годам турмы за абразу Лукашэнкі

Суд Хойніцкага раёну 16 снежня прысудзіў 1 год у калоніі агульнага рэжыму інваліду 2-й групы ў сувязі з анкалагічным захворваннем Аляксею Раманаву за «абразу прэзідэнта» (артыкул 368 Крымінальнага кодэксу).

Прысуд яшчэ не набыў сілу і можа быць абскарджаны. Аляксея Раманава ўзялі пад варту ў залі суду.

Ён актыўна ўдзельнічаў у агітацыйных пікетах штабу Святланы Ціханоўскай як валанцёр. На пікеце ў Хойніках 28 ліпеня мужчына негатыўна выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку.

У крымінальнай справе зазначана, што Аляксей Раманаў, «маючы намер публічна абразіць прэзідэнта, наўмысна прамовіў словы і фразы ў непрыстойнай форме, якія, згодна з экспертызай, змяшчаюць негатыўную ацэнку прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі».

Аляксей прызнаў сябе вінаватым у тым, што абразіў чалавека Лукашэнку, але не прэзідэнта.

«Прэзідэнта я не абражаў. Бо я не лічу Лукашэнку прэзідэнтам, ён нелегітымны», – патлумачыў Свабодзе актывіст.

Паседжанне на патрабаванне пракурора Андрэя Судома праходзіла ў закрытым рэжыме. Пракурор запатрабаваў пакараць Аляксея калоніяй на адзін год. Адвакатка Рагнеда Тагай выказалася, што яе падабароннага варта пакараць штрафам.

яс