Слонімскія актывісты, якія працяглы час дамагаліся сустрэчы з кіраўніцтвам райвыканкама і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў атрымалі магчымасць выказаць свае патрабаванні ўладам, але адказу на іх не атрымалі.
На сустрэчу ў межах абмервання зменаў у Канстытуцыю актывістаў запрасілі на сход у Слонімскі райвыканкам. Кожны з іх меў магчымасць выказацца.
У сваіх выступах актывісты звярталі ўвагу на тое, што зараз немагчыма ўносіць змены ў Канстытуцыю пакуль не будзе спынены гвалт над мірнымі пратэстоўцамі, пакуль не вызваляць палітвязняў і не адбудуцца выбары прэзідэнта.
Прадстаўнікі ўлады, паводле актывістаў, слухалі гэтыя выступы, але ніяк на іх не рэагавалі і не адказвалі.
Тым часам, старшыня райвыканкама распавёў пра эканамічную сітуацыю ў раёне і пра планы ўладаў аб тым як яе палепшыць.
У зале, паводле актывістаў, знаходзілася больш 30 чалавек, але пераважная большасць не прадставілі ніякіх прапаноў па зменах у Канстытуцыю.
Паводле Алеся Масюка, сябры грамадскага аб’яднання «Мінолс», у яго склалася ўражанне, што мерапрыемства было праведзена для галачкі.
«Ды і што яны маглі адказаць на нашыя пытанні і прапановы? Яны проста выконваюць загады зверху і самі нічога не вырашаюць».
Алесь Завіноўскі, Гродна