Прычына дыскваліфікацыі ў тым, што асноўны творчы ўнёсак у стварэнне стужкі ўнеслі не жыхары Беларусі, а замежнікі. Таму стужка не можа лічыцца беларускай і вылучацца на «Оскар» ад Беларусі. Відаць, перад вылучэннем не былі дакладна прааналізаваныя ўмовы прыёму заяўкі, якія вельмі празрыстыя, - адзначае кінакрытык, культуролаг Андрэй Расінскі.
- Калі фільм ідзе ад краіны, то большасць здымачнай групы або ўнёску павінна належаць да гэтай краіны. Фільм "Урокі фарсі" быў зняты ў Беларусі, але гэта была натурная пляцоўка. Большасць здымачнай групы - не беларуская. Таму адбылася дыскваліфікацыя.
Фільм амерыкана-украінскага рэжысёра Вадзіма Перэльмана «Урокі фарсі» – гэта драма аб часах Галакосту, дзеянні адбываюцца на тэрыторыі акупаванай Францыі ў 1942 годзе. Паводле сюжэту бельгіец-габрэй Жыль спрабуе выратаваць сваё жыццё, выдаючы сябе за перса.
«Урокі фарсі» быў створаны пры падтрымцы «Беларусьфільма», большасць сцэнаў здымалі на тэрыторыі Беларусі. Аднак фільм быў спрадзюсіраваны расейскімі і нямецкімі кампаніямі, там іграюць замежныя акторы, якія размаўляюць у стужцы ў асноўным на нямецкай і французскай мове. Таму Акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук палічыла, што стужка не можа прадстаўляць Беларусь.
нг