Беларуская Служба

У Брэсцкім аўтобусным парку дырэктараў і ідэолагаў стала больш, чым кіроўцаў

22.03.2021 17:24
Кіроўцам даводзіцца працаваць за траіх, каб атрымаць свае 600-700 рублёў у месяц.
Ілюстрацыйны здымакфота: http://brestnote.by

У тэлеграм-каналах апублікаваны ліст работнікаў Брэсцкага аўтобуснага парка, дзе дырэктараў і ідэолагаў стала больш, чым кіроўцаў. «У Брэсце адбылося зліццё тралейбуснага парку з аўтобусным, у выніку чаго замест двух дырэктараў стала тры і за кожным з іх замацаваны свой намеснік. Цяпер увесь рэсурс балансу аўтобуснага парка сыходзіць на зарплату кіраўніцтву, а кіроўцам плацяць капейкі.

Да пэўнага часу на ўсе скаргі работнікаў гучала фраза «не падабаецца – звальняйся». Цяпер звальненняў ужо не падпісваюць, бо працаваць няма каму. Кіроўцам даводзіцца працаваць за траіх, каб атрымаць свае 600-700 рублёў у месяц. І гэта пры тым, што падымацца на працу ў 4 раніцы, а вяртацца дадому позна ўвечары. Пра рэжым захавання адпачынку паміж рэйсамі казаць не даводзіцца: прымушаюць працаваць 6/2 па 9-12 гадзін (замест 5/2 і 8 гадзін), ездзіць без прыпынкаў і перапынку на туалет. Кіраўніцтва парушае закон, каб не браць больш работнікаў.

Сам аўтапарк у жудасным стане: аўтобусы абяцалі замяніць на новыя да 1000-годдзя Брэста, але далей размоў справа не зайшла. На іх страшна ездзіць. Тэрміны эксплуатацыі транспарту даўно скончыліся – аўтобусы іржавыя, тармазная сістэма старая, выхлапы газу не адпавядаюць норме».

нг