У судзе Маскоўскага раёна Мінска 15 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 30-гадовага палітзняволенага барабаншчыка Аляксея Санчука. У лістападзе ў Мінску на рэпетыцыі сілавікі затрымалі групу барабаншчыкаў «Патрабуем разысціся», якая восенню стала адным з сімвалаў пратэстаў.
Музыкаў адміністрацыйна асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту, але адзін з затрыманых тады – Аляксей Санчук – пасля 15-сутачнага арышту так і не выйшаў на волю. Супраць яго распачалі крымінальную справу. На «пакаяльным відэа» АНТ Аляксей пасля затрымання толькі сказаў: «Я вучыў рытм». Па словах іншых затрыманых музыкаў, пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа збівалі Аляксея і патрабавалі пароль ад тэлефона.
Цяпер яго абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя, падрыхтоўка дзеянняў, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 293 (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) і арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).
ав/Вясна