Беларуская Служба

Латушка: У Беларусі плануецца скараціць кожнага пятага работніка культуры

16.04.2021 09:31
У НАУ пішуць, што гэта закране не толькі работнікаў гэтай сферы.
Павел Латушкафота: Уладзімір Пац/Польскае радыё

Экс-міністр культуры Павел Латушка расказаў у сваім ТГ-канале пра тое, што ў Беларусі плануецца скараціць кожнага пятага работніка культуры. У НАУ пішуць, што гэта закране не толькі работнікаў гэтай сферы, паведамляе Тэлеграф.

«15 красавіка, у Міжнародны дзень культуры, нелегітымная ўлада па-свойму павіншавала людзей са святам. Сёння Міністэрства культуры правяло першае з запланаваных нарад па пытаннях «аптымізацыі колькасці арганізацый культуры і скарачэння штатных адзінак». Паводле інфармацыі, перададзенай Народнаму антыкрызіснаму кіраванню, да канца 2021 года плануецца «аптымізацыя» на 20%», – піша палітык у сваім ТГ-канале.

На сённяшні дзень у Беларусі ўсяго 65,5 тысяч работнікаў сферы культуры, адзначае Павел Латушка. Кожны пяты з гэтага ліку застанецца без працы, піша ён.

Палітык лічыць, што «скарачэнне колькасці бюджэтных арганізацый сацыяльнай сферы на 20% дэманструе рэальнае становішча спраў у эканоміцы краіны, праблемы з напаўненнем даходамі дзяржбюджэту і грэбаванне да людзей, якія атрымліваюць і так не самую высокую зарплату, і якія ў выніку апынуцца на вуліцы».

«Значыць выходзіць на вуліцу беларусам прапануе сама нелегітымная ўлада! Наш пратэст павінен толькі нарастаць. Інакш беларусам застанецца толькі выжыванне ва ўмовах падаўлення іншадумства і нарастаючага беспрацоўя: як адкрытай, так і латэнтнай», – упэўнены кіраўнік НАУ.

«Улада шукае любыя спосабы зэканоміць: у тым ліку за кошт пазбаўлення даходаў беларусаў. І гэта з улікам таго, што заробкі работнікаў культуры – адны з самых маленькіх у краіне. У 2020 годзе заробак работніка сферы культуры складала толькі 55,3% ад сярэдняй па Беларусі», – пішуць у ТГ-канале НАУ.

Нагадаем, што па словах кіраўніка Мінфіна Юрыя Селиверстова, у краіне будзе праводзіцца «далейшы перагляд штатаў» бюджэтных арганізацый. Што гэта значыць, стала вядома з прыведзенага ім прыкладу: толькі за кошт стварэння цэнтраў па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый удалося скараціць 1200 адзiнак працоўных месцаў.

Таксама кіраўнік Мінфіна паабяцаў у рабочым парадку рэфармаваць падатковую сістэму краіны, з наступным унясеннем у Падатковы кодэкс. Усё гэта будзе зроблена для «пошуку дадатковых крыніц для напаўнення бюджэту».

ав