Суд Чыгуначнага раёну Гомля 4 траўня вынес рашэнне ў крымінальнай справе давераных асоб Святланы Ціханоўскай.
Іх абвінавацілі ў «масавых беспарадках» і планах «захопу адміністрацыйных будынкаў» - паведамляе Радыё Свабода.
Суддзя Аляксей Хлышчанкоў пакараў: Юрыя Уласава – 6 з паловай гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму; Таццяну Канеўскую – 6 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму; Дзмітрыя Івашкова – 6 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму; Аляксандра Шабаліна – 6 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Юры Уласаў таксама мусіць сплаціць маральную кампенсацыю – па 2500 рублёў кожнаму з шасці пацярпелых міліцыянтаў, і яшчэ 550 рублёў пошліны.
Пракурор Дзяніс Мікушаў 27 красавіка заявіў у судовых спрэчках, што віна чатырох жыхароў Гомля даказаная цалкам. Ён патрабаваў пакараць Юрыя Уласава 6 з паловай гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна – 6 гадамі «узмоцненага рэжыму», а Таццяну Канеўскую – 6 гадамі «агульнага рэжыму».
Адвакаты ў сваіх выступах зазначалі, што няма канкрэтных доказаў віны іх падабаронных, абвінавачанне грунтуецца на домыслах, агульных фразах і на відэа, з якога вынікае толькі тое, што 5 жніўня давераныя асобы былі на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай і абмяркоўвалі розныя варыянты развіцця падзей 9 жніўня і пасля выбараў.
Адвакаты звярталі ўвагу, што няма доказаў абвінавачання ў частцы таго, што абвінавачаныя «спрабавалі вербаваць былых сілавікоў», «планавалі захапіць адміністрацыйныя будынкі».
Таццяна Канеўская ў апошнім слове дзякавала ўсім людзям, якія пісалі ёй лісты, у тым ліку з-за мяжы. Яна атрымала каля тысячы лістоў. Яна сказала, што ў яе дзеяннях няма складу злачынства, ніхто не планаваў захопу будынкаў, а справа палітычна матываваная і не абгрунтаваная доказамі.
Юры Уласаў у апошнім слове казаў, што ўсе яго дзеянні не былі злачынствам, а былі накіраваныя толькі на карысць народу.
3 траўня ў судзе выступіў з апошнім словам Дзмітрый Івашкоў. Ён падзякаваў усім людзям за падтрымку, зазначыў, што суд цяпер – рэпрэсіўны орган, а прадстаўнікі ўлады забыліся, што такое закон. Івашкоў сказаў, што не прызнае прэзідэнтам «Сашу 3 працэнты», дадаў, што яго прэзідэнт – Святлана Георгіеўна Ціханоўская. «Жыве Беларусь!», – скончыў сваю прамову абвінавачаны.
3 траўня на суд не пусцілі сяброў абвінавачаных і групу падтрымкі. Калі сваякі выйшлі з судовай залі і размаўлялі з людзьмі ў фае, міліцыя загадала ім пакінуць будынак суду. На ганку суду да людзей падышоў АМАП і пачаў пагражаць, што размова можа быць расцэнена як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
Свабода/нг