Да года «хатняй хіміі» асудзілі дзяўчыну, якая перарабіла гімн у асабістым твітары
28 чэрвеня суд Кастрычніцкага раёна вынес прысуд 26-гадовай Ганне Важнік. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса і асудзілі абмежаваннем волі тэрмінам на адзін год без накіравання ў папраўчую ўстанову – «хатняй хіміі». Менавіта такое пакаранне запрошваў пракурор Заварзін.
Справу разгледзела суддзя Алена Жывіца. Абвінавачаную абараняў адвакат Андрэй Доўнар.
Ганну прызналі вінаватай у тым, што ў асабістым акаўнце ў твітары яна перарабіла адзін куплет гімна, пачаўшы з фразы «Мы экстремисты – мирные люди..». Згодна з абвінавачаннем, яна здзейсніла здзек над дзяржсімвалам – гімнам.
Дзяўчына працуе настаўніцай музыкі. Яе затрымалі 28 красавіка, а 30 красавіка выпусцілі на волю пад асабістае паручальніцтва бацькоў. Да справы далучаныя станоўчыя характарыстыкі і падзякі з месцаў вучобы і працы.
Ганна Важнік распавяла, што лічыць здзейсненае памылкай, яна не мела намеру здзеквацца над гімнам, а пераробкай хацела паказаць на людзей, якія прадпрымалі разбуральныя дзеянні супраць улады. Абвінавачаная падкрэсліла, што яна апалітычная – як і ўся яе сям'я.
ав/Вясна