Беларуская Служба

Рэжым учыніў маштабную спробу знішчыць грамадзянскі сектар у Беларусі

14.07.2021 19:34
Аблава прайшла пасля сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock/Fanni_2021

Не менш за 20 чалавек і каля 15 арганізацыяў у Беларусі сёння перажылі ператрусы, блакаванне офісаў і затрыманні. Рэжым учыніў маштабную спробу знішчыць грамадзянскі сектар у краіне.

Тэлефоны не адказваюць, з самай раніцы ў сацсетках трывожныя публікацыі актывістаў і прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый. Пісалі «ператрус, па нас прыйшлі, забіраюць». Пад вечар стала вядома: кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі затрыманы па крымінальнай справе. Затрыманы яго паплечнікі юрысты Уладзімір Лабковіч, Валянцін Стэфановіч, праваабаронцы Алена Лапцёнак, Яўгенія Бабаева, журналіст і праваабаронца Сяргей Сыс. У спісе затрыманых каля 20 вядомых імёнаў. Узялі нават удзельнікаў адукацыйных праграм.

Спіс арганізацыяў, у якія «прыйшлі», таксама ўражвае: «Вясна», Беларускі хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз беларускіх пісьменнікаў, сацыяльны праект «Імёны», Беларускі народны фронт і Аб’яднаня грамадзянская партыя, Рух «За Свабоду», Таварыства беларускай школы. У многія офісы проста выбівалі дзверы.

Прыйшлі да палітыкаў Анатоля Лябедзькі, Яраслава Раманчука, Юрася Губарэвіча.

Мой спіс няпоўны, але і па ім бачна, што гэта нейкая татальная аблава. Яна прайшла пасля сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным. І за тры тыдні да гадавіны жнівеньскіх падзей 2020 года, калі беларусы выйшлі на вуліцы, нязгодныя з фальсіфікацыяй выбараў.

Спецыяльна для Беларускай службы Польскага радыё, Казімір Шчадковіч, Мінск.