Беларуская Служба

Сёння ў Мінску аб'яўляюць прысуды па гэтак званай «справе студэнтаў»

16.07.2021 09:38
Пракурор запрасіў абвінавачаным па 2,5 года.
Святлана Ціханоўскаяhttps://t.me/tsikhanouskaya/1552

«Гэтыя тэрміны нічога не значаць.  Якія б тэрміны не аб'явіў той, хто называе сябе суддзём, то мы ведаем, што людзі не будуць сядзець гэтыя тэрміны і яны ведаюць гэта» – Святлана Ціханоўская падтрымала студэнтаў і выкладчыцу.

Гэта ведае Яна Арабейка, якая ў судзе сказала: «Маім апошнім словам будзе свабода».

Гэта ведае выкладчыца Вольга Філатчанкава, якая ў сваім апошнім слове павіншавала сваю сямігадовую дачку з надыходзячым днём нараджэння і сказала: «Я люблю цябе больш за ўсіх на свеце, і я абавязкова вярнуся».

Гэта ведае Алана Гебрэмарыям, якая лічыць свабоду адной з галоўных каштоўнасцяў. Яна казала , што калі ёй давядзецца ахвяраваць сабой дзеля будучыні Беларусі – яна зробіць гэта.

Гэта ведае Ксенія Сырамалот. «Калі вы лічыце, што злачынна быць чалавекам, я разумею любы прысуд», – сказала яна ў сваім апошнім слове.

Гэта ведае Кася Будзько, якая нават пасля васьмі месяцаў за кратамі любіць Беларусь з усімі яе плюсамі і мінусамі – так яна сказала суду.

Гэта ведае Глеб Фіцнар , які ў будучыні можа стаць новым міністрам эканомікі – так пра яго кажуць сябры.

Гэта ведае Ілля Трахтэнберг, які на ўсіх пасяджэннях патрабаваў ад пракурора ня перабіваць яго: «Я застануся вольным чалавекам, таму што здольны самастойна думаць і прымаць рашэнні».

Гэта ведае Ягор Канецкі , пра які сябры кажуць: «Ён захоўвае сілу духу і здаровы розум нават у цяжкай жыццёвай сітуацыі», – нават у такой, у якой ён апынуўся.

Гэта ведае Вікторыя Гранкоўская: «Нас судзяць за тое, што мы не пабаяліся  адкрыта выказваць сваё меркаванне і адстойваць свой пункт гледжання».

Гэта ведае Марыя Каленік, якая востра ўспрымае несправядлівасць і ніколі не маўчыць – ні ў «судзе», ні на акцыях пратэсту.

Гэта ведае Таццяна Якельчык: «Усе апісаныя і напісаныя ў абвінавачванні дзеянні я здзяйсняла згодна са сваім сумленнем, неабыякавасцю, спачуваннем. І гэтыя ўчынкі не злачынныя».

І гэта ведае Анастасія Булыбенка , якая ў апошнім слове: «Я ведаю, што ўсё зрабіла правільна. Мне балюча, але ўжо не страшна». Гэта сказала 19-гадовая дзяўчына, але так цяпер сябе адчуваюць усе беларусы.

Ціханоўская заклікала падтрымайце гэтых людзей і напісаць ім лісты. »Падзякуйце ім за смеласць і за тое, як нам пашанцавала, што ў нас такія героі».

яс