Вядомага гомельскага валанцёра Іллю Міронава, якога затрымалі 8 ліпеня па падазрэнні ў «акце тэрарызму», 16 іпеня адпусцілі з ізалятара часовага ўтрымання. Ён застаецца ў статусе падазраванага.
«Да мяне прыйшлі раніцай 8 ліпеня супрацоўнікі КДБ, правялі ператрус, забралі жорсткі дыск, тэлефон, пашпарт, паштоўкі, значкі, кнігі - усё, што мела чырвона-белую расфарбоўку. На допыце ў КДБ спачатку сказалі, што я сьведка па акце тэрарызму, затым - што падазраваны. Я падпісаў падпіску пра неразгалошваньне, таму не магу расказаць больш», - заявіў БелаПАН Міронаў.
У ІЧУ, па словах валанцёра, ён не меў пасцельнай бялізны, матраца і вымушаны быў спаць на верхняй паліцы нар.
«На ніжняй былі дошкі, на верхняй - жалязякі. Спаць было нявыгадна. Тым больш тры разы за ноч будзілі і пыталіся альбо імя-прозвішча, альбо "Як справы, Міронаў?". Камера была маленькая - два на тры метры. Газеты, кнігі не перадалі, адваката не дапускалі, яна была толькі адзін раз на допыце ў КДБ. Яшчэ на верхняй паліцы святло прама ў вочы свяціла, закрываўся ноччу ручніком. Было горача, душна, але ваду ад маці ў перадачах не прымалі», - адзначыў Міронаў.
Ён расцэньвае свой арышт як ціск на валанцёрскі рух, аднак з'язджаць з краіны не збіраецца, бо, па яго словах, не здзяйсняў нічога супрацьпраўнага.
Навіны/нг