Рабочы візіт Святланы Ціханоўскай у ЗША пачынаецца ў нядзелю 18 ліпеня ў Вашынгтоне з сустрэчы з беларусамі дыяспары ў 13 гадзін па мясцовым часе на Freedom Plaza.
На пачатак тыдня ў Ціханоўскай запланаваныя сустрэчы на высокім узроўні ў Дзярждэпартаменце (панядзелак, 19 ліпеня) і Белым доме (аўторак, 20 ліпеня). Па словах прэс-сакратара Ціханоўскай Ганны Красулінай, з візітам звязаныя вялікія спадзяванні.
- Надзеі, звязаныя з візітам, сапраўды вялікія. Мы ж разумеем, што ЗША – адзін з буйнейшых гульцоў на сусветным палітычным полі. Ад таго, як паставіцца ЗША да сітуацыі ў Беларусі, будзе залежаць у вялікай ступені, прынамсі на міжнародным узроўні, вырашэнне нашага крызісу.
Беларуская апазіцыйная лідарка запрошаная на ўрачыстае адкрыццё двухпартыйнага беларускага кокуса ў Кангрэсе ЗША – групы амерыканскіх кангрэсменаў, якія будуць працаваць выключна па тэме Беларусі. Гэта першы выпадак у гісторыі Беларусі, калі ЗША аказвае такую падтрымку беларусам.
Былая кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі сустрэнецца з сенатарамі-членамі Палаты прадстаўнікоў ЗША ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыі. Таксама Ціханоўская сустрэнецца з Самантай Пауэр, кіраўніком USAID – амерыканскага агенцтва міжнароднай дапамогі, дасць інтэрв'ю вядучым сусветным СМІ: CNN, MSNBC, Foreign Policy, National Interest, Voice of America і правядзе сустрэчу з рэдакцыяй Washington Post.
нг