Беларуская Служба

Старшыня «Беларускай тэніснай федэрацыі» і сябар Лукашэнкі падаў у адстаўку

03.08.2021 15:40
Прычынай сталі слабыя вынікі выступленняў беларускіх тэнісістаў на Алімпіядзе ў Токіа.
.   .
С. Цяцерын і А.ЛукашэнкаФото: president.gov.by

Старшыня РГА «Беларуская тэнісная федэрацыя» Сяргей Цяцерын у панядзелак падаў заяву аб адстаўцы. Аб гэтым паведамляецца на сайце арганізацыі.

Прычынай сталі слабыя вынікі выступленняў беларускіх тэнісістаў на Алімпіядзе ў Токіа, піша Sputnik са спасылкай на прэс-службу федэрацыі.

На Гульнях у Токіа Беларусь прадстаўлялі тры спартоўцы. Арына Сабаленка вылецела ў 1/16 фіналу, на аналагічным этапе скончыў выступ Ягор Герасімаў, Ілля Івашка саступіў у 1/8 фіналу. У парным разрадзе Івашка і Герасімаў прайгралі ў 1/16 фіналу. У міксце беларускія спартсмены не выступалі з-за нізкага рэйтынгу.

У верасні адбудзецца чарговая справаздачна-выбарчая канферэнцыя БТФ, на якой абяруць новага старшыню і кіруючыя органы.

Цяцерын кіраваў БТФ больш за чатыры гады, змяніўшы на гэтай пасадзе бізнесоўца Аляксандра Шакуціна. Яму 60 гадоў. Прафесійна займаўся тэнісам. У 1979 годзе стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату СССР да 18 гадоў, а ў 1980-м – чэмпіёнам Еўропы ў парным разрадзе моладзі.

Пазней Сяргей Цяцерын у ліку іншага быў намеснікам міністра спорту, памочнікам Лукашэнкі, дырэктарам спарткомплексу «Раўбічы» і віцэ-прэзідэнтам НАК. Пазней стала вядома і пра яго бізнес. Цяпер кампаніі Цяцерына займаюцца дыстрыбуцыяй прадуктаў і алкаголю, грамадскім харчаваннем, а таксама збіраюцца будаваць шматфункцыянальны комплекс насупраць Палаца незалежнасці ў Менску.

Сяргея Цяцерына называюць блізкім да Аляксандра Лукашэнкі чалавекам. Блізкія адносіны былі заўважаныя не толькі на спартыўных мерапрыемствах, але і на сельскагаспадарчых працах. Як мінімум Цяцерын некалькі разоў касіў траву разам з Лукашэнкам, а таксама збіраў з ім кавуны.

яс/паводле zierkalo.io