Адбываецца зачынены працэс па справе Марыі Калеснікавай і Максіма Знака. Ім пагражае да 12 гадоў турмы.
«Чырвоная памада будзе абавязкова, а Максіму скажу, што ён – неверагодны» – афіцыйны канал Віктара Бабарыкі даведаўся, як Марыя Калеснікава рыхтавалася да суду. «Рыхтуюся інтэнсіўна і бадзёра. Будзе займальна, шкада, што гэта не змогуць пабачыць людзі. Закрыты працэс і наша ізаляцыя – гэта пацвярджэнне страху і слабасці. Я чакаю пасяджэння ў тым ліку, каб убачыць Максіма Знака. Абдыму і скажу, што ён – неверагодны», – адзначыла Марыя Калеснікава.
Родных Марыі і Максіма не прапусцілі на тэрыторыю суда. Пасяджэнне закрытае, але сваякі абвінавачаных да пачатку судовага слухання заўсёды маглі зайсці ў залу. Марыя і Максім знаходзяцца ў клетцы, але яны ўсміхаюцца і смяюцца.
Абаронцы Марыі Калеснікавай і Максіма Знака не могуць каментаваць ход судовага разбору, яны знаходзяцца пад падпіскай. Але яны могуць расказаць, як Маша і Макс сябе адчуваюць. У будынак суда іх прывезлі рана, яшчэ не было 9 раніцы. За раніцу іх тройчы дагледзелі: у СІЗА, па дарозе і ў будынку суда. Везлі іх у кайданках.
Тэлеграм-канал В. Бабарыкі/нг