Уначы на 28 лістапада з Менску ў Ірак вылецеў пяты надзвычайны і гуманітарны рэйс іракскіх авіяліній, прызначаны для эвакуацыі мігрантаў, якія затрымаліся на беларуска-польскай мяжы, перадае svaboda.org.
Самалёт з Мтінску ў Ірак вылецеў з 418 пасажырамі на борце, паведамляе ірацкі авіяперавозчык Iraqi Airways. Агулам у Ірак з Беларусі ўжо вярнуліся 1 876 грамадзян Іраку.
Паводле раскладу вылетаў Нацыянальнага аэрапорту «Менск», запланаваныя прынамсі яшчэ 3 рэйсы авіякампаніі Iraqi Airways з Мінску ў Эрбіль: сёння, 28 лістапада – у 13:45, 29 лістапада – у 00:15 і 13:45.
Напярэдадні ў авіякампаніі адзначалі, што рыхтуюцца наступныя эвакуацыйныя рэйсы, яны чакаюць дазволаў.
У Беларусі застаюцца яшчэ некалькі тысяч мігрантаў, як найменей 10 чалавек загінулі за час мігранцкага крызісу.
За мінулыя суткі 125 мігрантаў спрабавалі незаконна перасячы беларуска-польскую мяжу, паведаміла польская памежная служба. У дачыненні да 51 іншаземца вынеслі рашэнне аб выездзе з тэрыторыі Польшчы. Групы з некалькіх дзясяткаў мігрантаў спрабавалі перайсці мяжу на ўчастку ля Дубічаў Царкоўных і Мельніку.
У Літве зафіксавалі рост спробаў нелегальнага пераходу мяжы з беларускага боку. Як паінфармавала Delfi са спасылкай на памежныя службы краіны, за суботу ў Літву не пусцілі 108 мігрантаў.
эж