Прыпыненне працягнецца да моманту, калі будуць знойдзеныя рашэнні, якія гарантуюць адпаведную верыфікацыю фірмаў і замежнікаў, якія ўдзельнічаюць у праграме.
У ацэнцы МЗС Польшчы праграма PBH не апраўдала ўскладзеных на яе спадзяванняў.
«У грамадскай прасторы выказваліся пярэчанні наконт выкарыстання віз, выдадзеных у рамках Праграмы, для мэт, якія не адпавядаюць яе задачам», – гаворыцца ў заяве МЗС.
Таксама ў міністэрстве адзначылі, што на дадзены момант у прадстаўнікоў ІТ-супольнасці і бізнесу ёсць магчымасць атрымаць працоўныя візы на агульных падставах.
Праграма Poland. Business Harbour была створана ў верасні 2020 года для прыцягнення ў Польшчу IT-спецыялістаў і IT-кампаній з Беларусі, а затым была распаўсюджана на такія краіны, як Грузія, Расія, Украіна, Малдова і Арменія. Прынцыпы працы Праграмы вызначалі яе аператары: Канцылярыя прэм'ер-міністра, Польскае агенцтва інвестыцый і гандлю і Міністэрства развіцця і тэхналогій.
З 2020 года па верасень 2023 год афіцыйная Варшава выдала 93 тыс. 512 віз РВН, з іх амаль што 95% (88 тыс. 529) атрымалі грамадзяне Беларусі.
У 2023 годзе колькасць выдадзеных віз РВН паступова зніжалася. Гэта было звязана, у прыватнасці, з так званым «візавым скандалам» у Польшчы, датычным нелегальнай выдачы віз. Пасля гэтага грамадзян, якія падавалі дакументы на візу РВН, пачалі правяраць больш дакладна, у выніку чаго павялічылася таксама колькасць адмоў.
Віза РВН выдавалася тэрмінам на 1 год і давала права на працаўладкаванне ў Польшчы без неабходнасці папярэдняга атрымання дазволу на працу, заснаванне і ажыццяўленне гаспадарчай дзейнасці на такіх жа ўмовах як для грамадзян Польшчы. Праграма была накіраваная для супрацоўнікаў ІТ-галіны і іх сем’яў.
вх