Плошча радыеактыўна забруджанай тэрыторыі Беларусі з моманту катастрофы на Чарнобыльскай АЭС знізілася ў два разы і складае 12 працэнтаў, заявіў на прэс-канферэнцыі першы намеснік начальніка Дзяржатамнагляду Леанід Дзядуль. Ён нагадаў, што наступствы аварыі на атамнай станцыі ў 1986 годзе маюць глабальны характар і закранулі больш за два дзясяткі краін.
Асноўны ўдар прыпаў на Беларусь – 35 працэнтаў выкінутага ў атмасферу радыенукліду цэзію-137 выпала на тэрыторыі рэспублікі, паведамляе «Спутнік».
«Плошча радыеактыўна забруджанай тэрыторыі па цэзію-137 з прычыны яго распаду зменшылася амаль у два разы і цяпер складае каля 25,5 тысячы квадратных кіламетраў, або 12 працэнтаў агульнай плошчы Беларусі», – сказаў Дзядуль.
Паводле яго слоў, забруджанымі застаюцца каля паўтара мільёна гектараў лясоў і каля 819 тысяч гектараў сельгасугоддзяў.
Прадстаўнік Дзяржатамнагляду падкрэсліў, што цяпер у зонах радыеактыўнага забруджвання размешчана больш за 2 тысячы населеных пунктаў. У іх пражывае каля 930 тысяч чалавек, з іх 185 тысяч - дзеці.
«Тэрыторыі гэтыя размешчаны ў Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай, Брэсцкай, Гродзенскай абласцях. Карэкціроўка названага пераліку ажыццяўляецца кожныя пяць гадоў», - расказаў першы намеснік начальніка ведамства.
Ён адзначыў, што ў 2024-2025 гадах работа па радыеэкалагічнаму абследаванню названых населеных пунктаў будзе завершана, а ў пачатку 2026 года ўрад падрыхтуе новы пералік тэрыторый, дзе неабходна правесці комплекс даследаванняў.
Дзядуль канстатаваў, што з пачатку трагедыі на ЧАЭС Беларусь накіравала на пераадоленне наступстваў катастрофы каля 20 мільярдаў долараў.
аз