У сераду, 17 ліпеня, пачала сваю працу новая беларуская краўдфандынгавая платформа Gronka, дзе можна падтрымаць цікавыя і важныя ідэі і праекты ад беларускіх аўтараў, а таксама прапанаваць свой. На Gronka ужо з’явіліся прапановы ад выдавецтва «Янушкевіч», «Этна-традыцыі», Аляксандра Чарнухі і іншых, – паведамляюць стваральнікі платформы:
– Мы – ананімныя энтузіясты і тэхнічная каманда Паўла Лібера, абʼяднаныя любоўю да творчасці і інавацый. Мы назвалі платформу Gronka, таму што хочам, каб у нашым садзе раслі прыгожыя дрэвы з сакавітымі ягадамі-праектамі, звязанымі адзінай мэтай – рабіць Беларусь.
Таленавітую, актыўную і самастойную. Вось так – ягада да ягады – гэтыя гронкі і ствараюць нашую будучыню, у якой ёсць яскравыя аўтары і таленавітыя музыканты, якасная адукацыя і модныя брэнды, тэхналагічныя бізнесы і цікавыя гульні, – кажуць стваральнікі платформы.
Для нас важна было стварыць прастору, дзе беларусы і беларускі змогуць апублікаваць сваю ідэю і знайсці пад яе фінансаванне. Без пасярэднікаў, складаных заявак і незразумелых крытэраў. Толькі аўтар і яго аўдыторыя! Хочам, каб чалавек сам вырашаў, каго ён хоча падтрымаць.
На Gronka ужо можна падтрымаць выданне сусветнай класікі «Граф Монтэ-Крыста» ад выдавецтва «Янушкевіч», праект 3D-мадэляў гістарычных помнікаў у дапоўненай рэальнасці, зборнік беларускіх калыханак ад «Этна-Традыцыі», падкаст «Праз космас», новую кнігу апавяданняў Аляксандра Чарнухі і іншыя цікавыя праекты.
Як запэўніваюць стваральнікі платформы, Gronka не спаганяе камісіі з крэатараў і іх спонсараў, але невялікую камісію (3-5%) забірае плацежны сервіс Stripe, праз які працуе платформа. Таксама праект не збірае асабістую інфармацыю спонсараў – толькі адрас электроннай пошты, які пасля перадаецца крэатуру ў выпадку, калі чалавек хоча атрымаць сваю ўзнагароду.
Сам крэатар праходзіць верыфікацыю праз Stripe, і яго персанальныя дадзеныя таксама не збіраюцца платформай Gronka.
эж