На чарговыя ўгодкі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі і пачатку масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі іх вынікаў Вялікабрытанія пашырыла персанальныя санкцыі, — паведамляе euroradio.
У «чорны спіс» Вялікабрытаніі трапілі начальнікі папраўчых калоній у Беларусі: Аляксей Лазарэнка (ПК № 15), Філіп Стурчанка (ПК № 3) і Дзяніс Таўсцянкоў (ПК № 4), а таксама ўжо былы начальнік ПК № 1 Андрэй Пальчык. Яны «нясуць адказнасць за ўдзел, падтрымку і садзейнічанне здзяйсненню сур'ёзнага парушэння правоў чалавека, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі».
Пад санкцыі трапілі ААТ «Навукова-даследчы інстытут электронных вылічальных машын», ААТ «СтанкаГомель» і ТАА «Рухсерваматор». Першае прадпрыемства працуе на патрэбы беларускага войска, а іншыя два выпускаюць прадукцыю для расійскага ВПК.
Урад Вялікабрытаніі «для падтрымкі дзейнасці ў галіне правоў чалавека і грамадзянскай супольнасці» выдзяляе 2,5 млн фунтаў стэрлінгаў. «Мы падтрымліваем народ Беларусі ў яго імкненні да свабоды і дэмакратыі і заклікаем рэжым неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных», — заявіў міністр замежных спраў Дэвід Лэмі.
Вялікабрытанія неаднаразова ўводзіла санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Між іншым, пад іх трапілі суддзі і пракуроры, адказныя за пераслед беларусаў па палітычных матывах.
эж