Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў пятніцу над тэрыторыяй Беларусі сіламі ВПС і войскаў СПА былі збітыя «некалькі цэляў». З яго слоў вынікае, што гэта былі ўдарныя беспілотнікі, якія ляцелі з Украіны, паведамляе «Еўрарадыё».
«Учора а 18 гадзіне 10 хвілін сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі былі пераведзеныя ў павышаную баявую гатоўнасць. Гатоўнасць №1 у нас называецца. Дзяжурныя сілы супрацьпаветранай абароны. Узброеныя Сілы Украіны парушылі ўсякія правілы паводзінаў і парушылі паветраную прастору Рэспублікі Беларусь. На ўсходнім напрамку, зусім побач ад нас у раёне Касцюковіцкага раёна», — сказаў Лукашэнка пачынаючы нараду па працы аграпрамысловага комплексу.
Цэляў было «каля дзясятка». Для іх перахопу вылецелі самалёты і верталёт. Таксама былі задзейнічаны сродкі РСЗА. Праз гадзіну на вышыні паўтара кіламетра і на адлегласці 6,5 кіламетраў ад мяжы частка цэляў была знішчана. Астатнія «перададзеныя Расійскай Федэрацыі» і збітыя ў раёне Яраслаўскай вобласці.
Акрамя таго, Лукашэнка ў сваёй прамове прызнаў, што ўкраінскія вайскоўцы замацаваліся на тэрыторыі Курскай вобласці Расіі. Паводле яго слоў УСУ на курскім напрамку «прасунуліся на некалькі дзясяткаў кіламетраў (30-35), ужо сёння акопваюцца там». Расійскае міністэрства абароны гэтую інфармацыю абвяргае.
У ліпені маніторынгавая група «Беларускі гаюн» фіксавала залёты 9 расійскіх ударных дронаў тыпу Shahed-131/136 на тэрыторыю Беларусі. Адзін з іх, як мяркуецца, выбухнуў на тэрыторыі Гомельскай вобласці, другі — знік. Тады ні Лукашэнка, ні вайскоўцы, ні прапаганда ніяк не каментавалі гэтыя факты.
вс