Беларуская Служба

Мінабароны Беларусі анансавала стварэнне сістэмы барацьбы з дронамі

19.08.2024 15:30
Паводле слоў высокапастаўленага вайскоўца, у краіне вывучылі досвед КНР і Ірана ў вытворчасці і прымяненні дронаў.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Фота: belstu.by

Сістэма па супрацьдзеянні беспілотнікам ствараецца ў Беларусі, паведаміў камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі СПА Андрэй Лук'яновіч у інтэрв'ю тэлеканалу СТБ, а ягоныя словы прыводзіць «Наша Ніва».

Беспілотныя лятальныя апараты лічацца адной з самых істотных сучасных ваенных пагроз з-за спосабаў прымянення, масавасці і малапрыкметнасці.

«Гэта галаўны боль для многіх дзяржаў. І на сёння панацэі, абароны ад беспілотных лятальных апаратаў няма. Таму мы, вядома, не стаім на месцы, вывучаем увесь перадавы вопыт, у тым ліку ў рамках Міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва», — распавёў высокапастаўлены вайсковец.

Паводле слоў Лук'яновіча, у краіне вывучылі досвед КНР і Ірана ў вытворчасці і прымяненні дронаў. Цяпер у Беларусі ствараецца цэлая сістэма барацьбы з беспілотнікамі.

«Мы ствараем сістэму па супрацьдзеянні беспілотным лятальным апаратам, асноўная задача якой — гэта выяўленне. У нас перадавыя станцыі, у тым ліку беларускай вытворчасці, па выяўленні беспілотных лятальных апаратаў», — паведаміў генерал-маёр.

На другім этапе — супрацьдзеянне сродкамі РЭБ (радыёэлектроннай барацьбы) і наступнае знішчэнне зенітнымі ракетнымі комплексамі і авіяцыяй.

аз

Лукашысты палохаюць правакацыямі з боку Украіны

16.08.2024 12:13
Міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў пра «высокую верагоднасць узброеных правакацый з боку Украіны».