Беларуская Служба

Гомельскімі дзяржаўнымі СМІ кіруюць сілавікі

27.08.2024 15:23
Былыя міліцыянты ды прапагандысты цяпер кіруюць шэрагам мясцовых выданняў у Гомельскай вобласці.
Аўдыё

Галоўным рэдактарам рагачоўскай раёнкі «Свабоднае слова» старшыня Гомельскага аблвыканкама прызначыў Жану Шабашаву.
  
Яна вядомая не толькі як прапагандыстка, якая пісала пасквілі на апазіцыянераў. У мінулым яна працавала супрацоўнікам прэс-цэнтра УУС Гомельскага аблвыканкама. Прынамсі, у 2011 годзе ў газеце «Свабоднае слова» яна падпісвалася менавіта як «супрацоўнік УУС». Пісала яна ў рубрыках «ЧП і крымінал» і «Здарэнні».

Аднак у 2023 годзе як намесніца галоўнага рэдактара Жана Шабашава пачынае пісаць пра «калектыўны захад», «братэрскі расійскі народ» і «беглых палітычных аферыстаў». Таксама менавіта з яе допісу ў газеце «Свабоднае слова” стала вядома пра крымінальную справу за абразу прэзідэнта ў дачыненні да Дзяніса Дашкевіча. А ў 2024 годзе яна ўжо піша ў рубрыцы «Палітыка» пра экстрэмісцкія чаты, разбэшчанасць на Алімпіядзе ў Парыжы і кепскую дэмакратыю на захадзе.

«Свабоднае слова» – не адзіная газета на Гомельшчыне, якой кіруюць прызначэнцы з міліцыі. Так, у студзені 2023 года намеснікам галоўнага рэдактара «Гомельскіх ведамасцяў» прызначылі падпалкоўніка міліцыі Віталія Прыстромава.

Крыніца: БАЖ/юл