Паводле інфармацыі галоўнай дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі, дэмакратычная лідарка правяла ў Вільні сустрэчу з літоўскімі дэпутатамі Еўрапарламенту Андрусам Кубілюсам і Расай Юкнявічэне, на якой таксама абмяркоўвалася стратэгія дэмсіл перад выбарамі 2025 года, піша «Позірк».
Ціханоўская «нагадала літоўскім дэпутатам аб тым, што выбары не будуць ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі і не могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасцю».
Таксама абмяркоўвалася важнасць «захавання беларускага пытання на парадку дня ЭЗ і супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі і Еўрапарламентам».
У Беларусі цалкам адсутнічаюць умовы для правядзення выбараў прэзідэнта ў 2025 годзе - дадзеную пазіцыю давёў намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас сустрэч з пастаяннай прадстаўніцай Германіі пры АБСЕ, паслом Сюзанай Шутц.
Латушка нагадаў пра шматлікія факты рэпрэсій у дачыненні да тых, хто ставіў свой подпіс для рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты, пра «ліквідацыю ўсіх 11 апазіцыйных палітычных партый, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і звыш 1,7 тыс. НДА».
Аб'яднаным Пераходным Кабінетам Беларусі ва ўзаемадзеянні з офісам Святланы Ціханоўскай прыняты рашэнні аб стварэнні ўпаўнаважанай рабочай групы па выпрацоўцы агульнай пазіцыі адносна так званых выбараў. Гэтая прапанова ўнесена ў адрас Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў Беларусі.
Наступныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года.
вх