Дзяржаўная памежная служба Украіны не фіксуе на сёння перамяшчэння тэхнікі або асабовага складу падраздзяленняў арміі Беларусі ў непасрэднай блізкасці да беларускай мяжы, паведаміў прэс-сакратар пагранічнага ведамства палкоўнік Андрэй Дземчанка. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс-Украіна».
На брыфінгу ў Кіеве ў аўторак спікер адзначыў, што ўсе сілы абароны Украіны цалкам кантралююць дзяржаўную мяжу. «Мы не фіксуем нейкіх нестандартных сітуацый непасрэдна на мяжы або якіх-небудзь правакацыйных дзеянняў. Акрамя таго, мы не фіксуем, каб у непасрэднай блізкасці да нашай граніцы адбываліся перамяшчэнні тэхнікі або асабовага складу падраздзяленняў арміі Беларусі», – сказаў ён.
Аднак, па словах Дземчанка, гэты напрамак па-ранейшаму нясе пагрозу для Украіны. Афіцэр нагадаў заявы беларускага боку аб тым, што Украіна нібыта накоплівае свае сілы на мяжы, адзначыўшы, што «гэта перакладанне адказнасці». У ведамстве падкрэслілі, што Беларусь «застаецца ў арбіце ўплыву РФ».
Асобна ён адзначыў, што і раней Беларусь трымала падраздзяленні на памежным напрамку з Украінай, але блізка да граніцы яны не перамяшчаліся.
вс