Беларуская Служба

Цэнзура ў Беларусі – галоўны элемент утрымання ўлады і татальнай барацьбы з «экстрэмізмам»

13.03.2025 11:40
З 2020 года Мінінфарм Беларусі ўнёс у рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў больш за 6,5 тысячы акаўнтаў.
Цэнзураstevepb/pixabay.com/CC0 Public Domain

12 сакавіка міжнародная супольнасць адзначала Дзень супраць цэнзуры ў інтэрнэце. Сусветны дзень барацьбы з кібер-цэнзурай упершыню быў адзначаны ў 2008 годзе.

Ад таго часу міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» публікуе ў гэты дзень спіс «Ворагаў інтэрнэту», у які трапляюць краіны, дзе забараняюць і блакуюць нацыянальныя і міжнародныя інтэрнэт-рэсурсы, фільтруюць кантэнт, а за свабоду выказванняў пераследуюць журналістаў. У спіс краін - ворагаў інтэрнэту з 2012 па сённяшні дзень уваходзіць і Беларусь, нагадвае «Вясна».

Па дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, з 2020 года Мінінфарм унёс у рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў 6 565 акаўнтаў, прычым 2 000 унесеныя ў чорны спіс ужо ў 2024 годзе. Доступ да гэтых рэсурсаў блакуецца на тэрыторыі Беларусі, а за іх распаўсюджванне прадугледжаная адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.

Міністр інфармацыі Беларусі Марат Маркаў заявіў нядаўна, што толькі за 2024 год былі заблакаваныя больш як 3 150 інтэрнэт-рэсурсаў «дэструктыўнай накіраванасці». А за дзесяць гадоў у Беларусі было заблакіравана каля 15 тысяч такіх рэсурсаў.

«Рэпарцёры без межаў», якія аналізуюць сітуацыю з цэнзурнымі абмежаваннямі і пераследам прадстаўнікоў медыясектара, адзначаюць, што «Беларусь, якая да ўварвання Расіі ва Украіну была самай небяспечнай краінай Еўропы для журналістаў, працягвае масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных СМІ».

Паводле штогадовай справаздачы аб свабодзе прэсы ў Еўропе ў 2024 годзе, падрыхтаваным Платформай Рады Еўропы па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў, у Беларусі больш за 20 навінавых сайтаў былі заблакаваныя паводле загаду Міністэрства інфармацыі і ідэнтыфікаваныя як «экстрэмісцкія».

Пасля надання статусу «экстрэмісцкай арганізацыі» быў выдалены, між іншым, дамен сайта Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Больш за год таму ўся прадукцыя Польскага радыё была прызнаная беларускім рэжымам «экстрэмісцкай». Усе сайты дзяржаўнай радыёкарпарацыі Польшчы ў Беларусі заблакаваныя. Пазней «экстрэмісцкай» прызналі старонку Беларускай службы Польскага радыё ў Facebook.

У сваю чаргу, 4 лютага бягучага года стала вядома, што рэжым Лукашэнкі прызнаў «экстрэмісцкімі» старонкі службы ў Telegram і Instagram.

аз

Старонкі Беларускай службы Польскага радыё для замежжа ў Telegram і Instagram прызнаныя «экстрэмісцкімі»

07.02.2025 11:04
Агулам  Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў налічвае ўжо каля 1500 старонак.