Беларуская Служба

«Белавія» ў абыход санкцый закупляе тры самалёты Airbus праз кампанію з Афрыкі

26.03.2025 13:14
У жніўні 2023 года ЕС забараніў заходнім кампаніям пастаўляць у Беларусь тавары і тэхналогіі для выкарыстання ў авіяцыі з-за саўдзелу ў ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Нацыянальны аэрапорт «Мінск»Крыніца: Vasyatka1/CC BY-SA 4.0/commons.wikimedia.org

Тры самалёты, якія раней належалі гамбійскай авіякампаніі Magic Air, плануе набыць авіякампанія «Белавія» ў абыход еўрапейскіх санкцый. Пра гэта агенцтву Reuters расказалі тры крыніцы, знаёмыя з працэсам здзелкі, паведамляе Deutsche Welle.

Гаворка ідзе пра тры шырокафюзеляжныя дальнемагістральныя самалёты Airbus A330. 17 жніўня 2024 года яны прызямляліся ў Мінску. Пра гэта сведчаць запісы Flightradar24 і двух іншых правайдараў, якія адсочваюць паветраны рух. Адпраўку ў Беларусь трох самалётаў з Каіра, Стамбула і Маската, якія належалі Magic Air, летась у жніўні пісала таксама галіновае выданне Aviation Week.

Ва ўпраўленні грамадзянскай авіяцыі Гамбіі журналістам Reuters сказалі, што самалёты набыў пакупнік з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Яны былі перапраўленыя ў Мінск і 19 жніўня 2024 года выключаныя з гамбійскага авіяцыйнага рэестра.

Цяпер «Белавія» знаходзіцца ў працэсе падпісання кантракту на набыццё самалётаў. Паводле крыніцаў Reuters, яны «прыбылі ў дрэнным тэхнічным стане». Беларускім прыкладам абыходу санкцый можа скарыстацца Расія і пачаць купляць самалёты ў незаходніх краінах, мяркуюць эксперты.

У жніўні 2023 года Еўрасаюз забараніў заходнім кампаніям пастаўляць у Беларусь тавары і тэхналогіі для выкарыстання ў авіяцыі з-за саўдзелу ў ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Пры гэтым многія краіны, у тым ліку Гамбія, не падпісаліся пад гэтымі абмежаваннямі і працягваюць прадастаўляць да іх доступ.

вс