Аб'яднаны пераходны кабінет падтрымае арганізацыю і правядзенне марафону па зборы сродкаў для беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне. Рашэнне аб гэтым прынята падчас пасяджэння кабінета 15 красавіка, спасылаючыся на прэс-службу Кабінету паведамляе reform.news.
Прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Вольга Зазулінская лічыць, што ёсць маральныя абавязацельствы дапамагаць беларускім добраахвотнікам, якія ваююць ці ваявалі на баку Украіны. І гэтыя абавязкі не меншыя, чым перад палітвязнямі.
«Дабрачынны марафон у падтрымку беларускіх ваяроў можа стаць акцыяй салідарнасці, падчас якой можна акумуляваць сродкі і перадаць іх для размеркавання добраахвотніцкім структурам. Праведзены раней марафон «Нам не ўсё адно» добра паказаў, які насамрэч вялікі патэнцыял у беларускай салідарнасці», - паведаміла Вольга Зазулінская
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук адзначыў, што ўдзельнікамі марафону мог бы стаць «Фонд Кастуся Каліноўскага» і рух «Каліноўцы». Не выключаны ўдзел і іншых арганізацый.
Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская падтрымала гэтую ідэю і заклікала далучыцца да ініцыятывы.
эж