Беларуская Служба

Праз дзевяць месяцаў пасля калоніі памёр былы палітвязень Валерый Богдан 

29.05.2025 12:46
Ён выйшаў на волю ў сакавіку 2024 года, цалкам адбыўшы тэрмін пакарання – 3 гады пазбаўлення волі. У сацсетках ён расказваў, што яму складана рэабілітавацца і што ён «ездзіць па шпіталях».
 .
Валерый Богдан. Фота з ягонай старонкі ў фэйсбуку

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення з калоніі памёр былы палітвязень Валерый Богдан, паведамляе «Наша Ніва». Валерыю было 58 гадоў.

Людзі, якія сядзелі разам з Валерыем Богданам, расказвалі, што ён памёр у самым пачатку 2025 года. У былога палітвязня адарваўся тромб.

Ён выйшаў на волю ў сакавіку 2024 года, цалкам адбыўшы тэрмін пакарання – 3 гады пазбаўлення волі. У сацсетках ён расказваў, што яму складана рэабілітавацца і што ён «ездзіць па шпіталях».

Богдана затрымалі 18 траўня 2021 года, а 17 верасня 2021 года пакаралі трыма гадамі калоніі за публікацыі ў сацыяльных сетках па трох артыкулах – «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Адно з абвінавачванняў – рэпост выявы са словам «шызануты». Справу разглядала калегія з трох суддзяў, дакладваў суддзя Мікалай Сянько.

Валерый нарадзіўся ў горадзе Нерчынск у Забайкальскім краі Расеі. Служыў у войску ў Новасібірску, пасля адвучыўся ў Берасцейскія дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Жыў у Берасці і Менску.

У апошні месяц з’яілася багата сумных навінаў пра смерці былых палітвязняў ці палітвязняў. Напрыклад, 20 траўня стала вядома, што ў пачатку 2025 года памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. Ён быў пакараны за каментары ў сацсетках.

эж