Беларуская Служба

Віцебская вобласць – антырэкардсмен па змяншэнні колькасці дзяцей у Беларусі

02.06.2025 19:21
У цэлым па краіне колькасць насельніцтва ўпала на 8,9%, а доля дзяцей у складзе насельніцтва – з 23,9% да 19,4%.
Здымак мае ілюстрацыйны характарsobima/pixabay.com/CC0 Public Domain

На 1 студзеня 2025 года ў Беларусі налічвалася 1 764 309 дзяцей – гэта амаль на 627 тысяч менш, чым у 2000 годзе. Найгоршая дынаміка зафіксавана ў Віцебскай вобласці: зніжэнне колькасці дзяцей за 25 гадоў склала 39,8% – з 313 095 да 188 613 дзяцей. Такую адмоўную дынаміку зафіксаваў Нацыянальны статыстычны камітэт.

У цэлым па краіне колькасць насельніцтва ўпала на 8,9%, а доля дзяцей у складзе насельніцтва – з 23,9% да 19,4%. Усе гэтыя дадзеныя азмрочваюць статыстыку Беларусі на фоне несуцяшальных дадзеных пра нараджальнасць, якая за восем гадоў упала ўдвая.

Нягледзячы на запэўніванні ўрада, што ў краіне «добрая база», досыць рэсурсаў усіх накарміць, абуць і апрануць, што шматдзетным сем'ям аказваецца велізарная падтрымка, нараджальнасць у краіне з кожным годам няўхільна зніжаецца. Урад тлумачыць нежаданне беларусак нараджаць высокім узроўнем жыцця ў краіне. Чыноўнікі сцвярджаюць, што дзяўчатам даступна якасная адукацыя, ёсць мноства перспектыўных вакансій з высокай зарплатай, таму яны будуюць карʼеру, пазабываўшы пра сваё прызначэнне – быць маці.

Аднак эксперты сцвярджаюць, што беларускія жанчыны проста не давяраюць дзяржаве, не адчуваюць сябе ў бяспецы, не могуць прадказаць сваю будучыню. І таму баяцца нараджаць.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск