Беларуская Служба

Эксперты ААН: Беларусь павінна спыніць жорсткае абыходжанне са зняволенымі, асуджанымі па абвінавачваннях у тэрарызме і экстрэмізме

19.08.2025 16:29
Працоўная група па адвольных затрыманнях вынесла ўжо некалькі заключэнняў аб неправамерным ужыванні антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў Беларусі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Joshua Woroniecki/pixabay.com/CC0 Public Domain

Група экспертаў ААН заклікала ўлады Беларусі неадкладна правесці эфектыўныя расследаванні з нагоды паведамленняў аб жорсткім абыходжанні са зняволенымі, асуджанымі паводле абвінавачванняў, звязаных з тэрарызмам і экстрэмізмам, паведамляе «Вясна».

У лісце, накіраваным беларускім уладам, эксперты выказалі занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі аб жорсткім абыходжанні з трыма зняволенымі – дзвюма жанчынамі і адным мужчынам – асуджанымі да доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі па абвінавачваннях у тэрарызме і экстрэмізме.

«Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна пачаць дбайнае і бесстаронняе расследаванне паведамленняў аб жорсткім абыходжанні з гэтымі зняволенымі і прыняць усе магчымыя меры для абароны іх здароўя і асабістай недатыкальнасці, у тым ліку разгледзець магчымасць памілавання або замены іх пакарання на меры, не звязаныя з пазбаўленнем волі», – заявілі эксперты.

Паводле атрыманых паведамленняў, адміністрацыя пенітэнцыярных устаноў адмаўляе гэтым людзям у належнай медыцынскай дапамозе і абыходзіцца з імі негуманна, падвяргаючы іх рызыцы сур'ёзнага і патэнцыйна незваротнага пагаршэння здароўя.

Эксперты паведамілі, што скаргі на жорсткае абыходжанне з двума з гэтых зняволеных ужо даводзіліся да ведама ўрада, і з жалем адзначылі, што ў гэтым напрамку да гэтага часу не было прадпрынята ніякіх дзеянняў.

«Беларуская прававая база па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам па-ранейшаму выклікае сурʼёзную заклапочанасць, – заявілі эксперты. – Мы працягваем атрымліваць паведамленні аб тым, як людзей асуджаюць па абвінавачваннях у тэрарызме і экстрэмізме і ўключаюць у афіцыйныя адкрытыя спісы тэрарыстаў і экстрэмістаў у адплату за ажыццяўленне імі грамадзянскіх і палітычных правоў. Робіцца гэта без належных судовых разглядаў і эфектыўных сродкаў прававой абароны для абскарджання дадзеных рашэнняў».

Эксперты адзначылі, што Працоўная група па адвольных затрыманнях вынесла некалькі заключэнняў аб неправамерным ужыванні антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў Беларусі. Яны зноў заклікалі беларускія ўлады прывесці прававую базу і практыку правапрымянення ў галіне барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам у адпаведнасць са сваімі абавязацельствамі па міжнародным праве ў галіне правоў чалавека.

аз

«Прававая ініцыятыва» звярнулася ў CEDAW з патрабаваннем пачаць расследаванне па справе катавання і дыскрымінацыі жанчын у Беларусі

19.08.2025 12:30
Раней Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын ужо двойчы прызнаваў Беларусь вінаватай у парушэннях правоў жанчын у зняволенні.