Беларуская Служба

Ужо як мінімум 7 беларусаў вызвалілі ад адказнасці за ўдзел у пратэстах «у сувязі з выхадам тэрміну прыцягнення»

19.09.2025 15:03
Усім гэтым людзям быў інкрымінаваны «народны» арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
 .
Ілюстрацыйнае фота.spring96.org

Праваабаронцы з ПЦ «Вясна» пішуць, што людзей вызвалілі ад адказнасці за ўдзел у пратэстах, бо ўжо мінула 5 гадоў з моманту некаторых акцый пратэсту, а значыць скончыўся тэрмін даўніны прыцягнення да адказнасці паводле гэтага крымінальнага артыкулу, пасля чаго іх удзельнікаў нельга асудзіць.

Нягледзячы на вызваленне ад адказнасці, гэтых людзей усё роўна дадалі ў міліцэйскі «спіс экстрэмістаў».

Асобам, унесеным у спіс «экстрэмістаў» забараняецца: 

  • займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
  • педагагічнай дзейнасцю, 
  • выдавецкай дзейнасцю, 
  • займаць дзяржаўныя пасады 
  • і праходзіць воінскую службу.


Акрамя таго, іх фінансавыя аперацыі падлягаюць «асабліваму кантролю». Па словах праваабаронцаў з «Вясны», гэта значыць, што калі трапіўшаму ў спіс перавядуць на рахунак грошы, то банк паведаміць пра гэта ў Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Для іншаземцаў і асоб без грамадзянства ўключаных у спіс, прыгавор суда з'яўляецца падставай для адмовы ў выдачы візы для ўезду ў Беларусь або адмова ва ўездзе.

Аднак у Беларусі працягваецца пераслед паводле арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).

З 18 студзеня ў Беларусі адбыліся 9 хваляў памілавання палітзняволеных — агулам было вызвалена 170 чалавек. Аднак за гэты час 283 чалавекі атрымалі статус палітвязня. Гэта людзі з усёй Беларусі, рознага ўзросту і сацыяльнага статусу, якія абвінавачваюцца па шэрагу палітычных артыкулаў.

вх