Былая кіраўніца Саюза палякаў Анжаліка Борыс расказала органу Адміністрацыі прэзідэнта, чым цяпер займаецца, запэўніла, што ў Беларусі няма дыскрымінацыі палякаў, а ад закрыцця межаў церпяць у першую чаргу простыя людзі. Размову пераказвае «Наша Ніва».
Выданне прадставіла Анжаліку Борыс як былую старшыню Саюза палякаў Беларусі, «а цяпер дырэктар школы польскай мовы «Палоніка плюс». Поўны тэкст абяцаюць у друкаванай версіі, на сайце зʼявілася толькі некалькі кавалкаў размовы.
Так, Анжаліку папрасілі абвергнуць «беспадстаўныя сцвярджэнні злых языкоў аб тым, што ў Беларусі ёсць нейкі ўціск этнічных палякаў».
– Я да такіх не прыслухоўваюся! – адказала Анжаліка. – Усе касцёлы адчыненыя, будуюцца новыя. Службы там ідуць і на польскай мове. Дзеці таксама вывучаюць польскую мову, ніхто не забараняе нам праводзіць нацыянальныя абрады, шматлікія мерапрыемствы. Мы такія ж грамадзяне, як астатнія. Далей. У Беларусь ахвотна едуць турысты з Польшчы, у тым ліку па бязвізе. Яны тут адпачываюць, атрымліваюць нейкія медыцынскія паслугі, падарожнічаюць па прыгожай, дагледжанай краіне.
Гаворачы пра дзейнасць школы «Палоніка плюс», якой яна кіруе, Анжаліка Борыс падзякавала ўладам:
– Асобным радком хачу падзякаваць кіраўніцтву Беларусі, якое дае магчымасць этнічным палякам, як і прадстаўнікам усіх іншых нацыянальнасцей і народнасцей (а іх больш за 100!), захоўваць сваю ідэнтычнасць. Зараз у нас больш за 400 дзяцей, якія вывучаюць польскую мову. А па ўсёй краіне іх звыш 3000. Скажу таксама, што ўсе планы і праграму навучання мы ўзгадняем з аддзелам адукацыі Гродзенскага гарвыканкама. Гэта нармальная практыка. Кажу вам у тым ліку як педагог па адукацыі.
Таксама ёй сказалі пракаментаваць тэму закрыцця дзяржаўнай мяжы з Беларуссю заходнімі суседзямі.
Яна сказала, што ад закрыцця межаў цярпяць найперш простыя людзі.
«Аб межах выкажуся так: яны павінны абʼядноўваць, а не разʼядноўваць людзей. І ад простых грамадзян я ні разу не чула, каб нехта радаваўся іх закрыццю. Па жывым ірвуцца і культурныя сувязі, якія наладжваліся гэтулькі гадоў… Можа быць, паўтаруся: больш за ўсё пакутуюць не ўлады, а простыя людзі. Вось узяць маю маму. Ёй 79 год. Усё жыццё яна ездзіла ў Польшчу, як дадому. А зараз у сілу лагістыкі (вялікі крук праз Брэст) гэта не атрымліваецца», – сказала яна.
Былая старшыня Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, якая нядаўна сама выйшла на волю, 23 верасня наведала ў калоніі палітзняволенага журналіста і актывіста Андрэя Пачобута.
Борыс паведаміла, што ад свайго імя і ад імя Саюза палякаў напісала на імя Аляксандра Лукашэнкі прашэнне аб яго памілаванні.
На пытанне, ці ёсць шанц на вызваленне Пачобута з магчымасцю застацца ў Гродне, Борыс адказала: «Паглядзім», падкрэсліўшы, што не ведае, якім будзе рашэнне па яе прашэнні.
вс