Беларуская Служба

Рэдактару «Вікіпедыі» далі два гады калоніі за «дыскрэдытацыю Беларусі»

13.11.2025 17:32
37‑гадовага выкладчыка аднаго са сталічных універсітэтаў абвінавацілі ў тым, што ён абнаўляў артыкулы пра прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.
ВікіпедыяRokas Tenys/shutterstock

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, мужчына, які працаваў выкладчыкам у адным з ВНУ, у перыяд з 2020 па 2025 год размясціў у адкрытым доступе на «Вікіпедыі» 25 паведамленняў, якія ўтрымлівалі, на думку ўладаў, заведама хлуслівыя звесткі. У іх гаварылася пра гісторыю Беларусі, дзяржаўныя сімвалы, прэзідэнцкія выбары, рэферэндумы, дзейнасць улады і прававы стан грамадзян, паведамляе «Наша Ніва».

Следства сцвярджае, што дзеянні мужчыны нанеслі шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам і «дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь».

На судзе абвінавачаны цалкам прызнаў віну, адзначыўшы, што рабіў гэта пад уздзеяннем інфармацыі з інтэрнэт-рэсурсаў, якія цяпер прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым паводле артыкула 369‑1 Крымінальнага кодэкса і прызначыў пакаранне – 2 гады пазбаўлення свабоды і штраф у памеры 300 базавых велічынь (прыкладна 12 тыс. 600 рублёў).

вс