У вёсцы Слабодка Астравецкага раёна, што на пад'ездзе да памежнага пункта «Катлоўка — Лаварышкі» на беларуска-літоўскай мяжы, прыбралі помнік у гонар паўстанцаў 1863 году. Пра гэта паведамляе Свабода са спасылкай на Telegram-канал «Спадчына», які расказвае пра гістарычную і архітэктурную спадчыну Беларусі.
Крыж з шэрага каменю ў выглядзе гіганцкага мяча, загнанага вастрыём у зямлю, у гонар 150-годдзя паўстання Каліноўскага ўсталявалі ў 2013 годзе.
На крыжы выгравіраваны паўстанцкі пароль «Каго любіш?» на лацініцы і кірыліцы. Наверсе крыжа, на дзяржальне мяча, — выява «Пагоні».
Крыж паставілі не ў гонар нейкай канкрэтнай бітвы, а як памятны знак усяму паўстанню — трагічнай, але вельмі яркай падзеі. А меч — гэта стары сімвал, які мае два прачытанні. Калі ён узняты — гэта кліч да барацьбы, дзеяння. Калі ж ён уторкнуты ў зямлю — гэта знак таго, што бітва скончаная, засталося падлічыць страты, пахаваць памерлых і памятаць пра іх.
Аўтар ідэі — краязнаўца Алесь Юркойць, фундатар — Мікіта Забуга, скульптар — Ігар Засімовіч.