Людзі пытаюцца, куды звяртацца па тлумачэнні разлікаў. Камунальныя плацяжы для «дармаедаў» пачалі налічваць паводле новых правіл - піша Tochka.by.
Жыхарка Полацка паведаміла, што за кватэру ў 63 м² ёй налічылі 349 рублёў. Іншая карыстальніца кажа, што за 59 м² пры адным зарэгістраваным чалавеку атрымала жыроўку на 369 рублёў. Некаторыя жартуюць, што «клуб дармаедаў» папоўніўся тымі, хто працуе ў Еўропе: сума — больш за 200 рублёў за 70 м².
Шок выклікаў і выпадак жанчыны ў дэкрэце: за 20 м² прыйшла жыроўка на 312 рублёў. Некаторыя ўладальнікі жылля даведаліся, што іх кватаранты афіцыйна не працуюць, бо ім таксама налічылі павышаныя тарыфы.
Рэкардсменка атрымала жыроўку на больш чым 745 рублёў.
Прычына павышэння — новыя правілы, якія дзейнічаюць з 1 кастрычніка. Цяпер для тых, хто не заняты ў эканоміцы, поўны тарыф налічваецца на ўсе кватэры, якія ім належаць, і на ўсю плошчу. Раней павышаны тарыф разлічваўся толькі з улікам колькасці зарэгістраваных і фактычна пражываючых. Новая схема гэтае правіла адмяніла.
нг