Беларуская Служба

Літва разглядае магчымасць адкрыцця памежных пераходаў з Беларуссю

18.11.2025 14:43
Літва разглядае магчымасць адкрыццяпамежных пераходаў з Беларуссю. Яны закрытыя да канца лістапада. Аднак, магчыма, рух будзе адноўлены на гэтым тыдні. 
    -
Пункт пропуску «Прывалка» на беларуска-літоўскай мяжыфота: gpk.gov.by

Прэм'ер-міністр Інга Ругініене абвясціла, што памежныя пераходы могуць неўзабаве зноў адкрыцца пасля пасяджэння Камітэта дзяржаўнай бяспекі. «Заўтра гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца Саветам Міністраў», – сказала прэмʼер-міністр Літвы.

Мяжа з Беларуссю была зачынена з-за шматлікіх метэазондаў, з дапамогай якіх дастаўлялі кантрабанду. У мінулым месяцы яны неаднаразова парушалі работу Віленскага аэрапорта. Інга Ругініене адзначыла, што ў апошнія дні большасць паветраных шароў не даляталі да літоўскай мяжы. «Аэрапорт працуе ў звычайным рэжыме, і самалёты лятаюць», – дадала прэмʼер-міністр.

«Калі сітуацыя пагоршыцца, мы зноў закрыем пераходы або прыпынім іх адкрыццё», – адзначыла Ругініене.

Прэмʼер-міністр заявіла, што аднаўленне работы памежных пераходаў магчыма на працягу 24 гадзін. Яна таксама запэўніла, што рашэнне Літвы не мае ніякай сувязі з тым, што ўчора (17 лістапада) Польшча адкрыла памежныя пераходы з Беларуссю ў Кузніцы Беластоцкай і Баброўніках.

Літоўскія перавозчыкі, чые грузавікі затрымаліся ў Беларусі, чакаюць рашэння ўрада. Аляксандр Лукашэнка не дазваляе ім перамяшчацца ўнутры краіны.

IAR/вх