Беларуская Служба

Мінздароўя Беларусі: У 2024 годзе ў краіне быў нарыхтаваны рэкордны аб’ём донарскай крыві

19.11.2025 13:10
Большасць донараў Беларусі, у адрозненне ад краін ЕС, здае кроў і яе кампаненты на платнай аснове.
 .
Донарства крыві.Photo: kalhh/pixabay.com/CC0 Public Domain

У 2024 годзе дасягнутыя рэкордныя паказчыкі нарыхтоўкі крыві і яе кампанентаў, паведамляе Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Адзначаецца, што кроў летась здала больш за 102 тыс. Донараў, паведамляе «Позірк».

Паводле слоў дырэктара РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдара Карпенкі, за год кроў здавалася каля 360 тыс. разоў, нарыхтавана каля 270 тыс. літраў кампанентаў крыві.

За 2023 год у Беларусі нарыхтавана 260 тыс. літраў кампанентаў крыві – на 7% больш, чым у 2022-м, паведамляла

Мінздароўя. Кроў здалі больш за 110 тыс. донараў (у 2021 годзе 100 тыс., даных па 2022 годзе ў адкрытым доступе няма). Перапрацавана больш за 65 тон плазмы.

Паводле даных Мінздароўя, больш за 50 тыс. данацый крыві было праведзена на 700 прадпрыемствах у працоўны час. Пры гэтым выкарыстоўваўся «першы айчынны мабільны комплекс для забору крыві ў выязных умовах».

Большасць донараў Беларусі, у адрозненне ад краін ЕС, здае кроў і яе кампаненты на платнай аснове. Цяпер за 450 мл крыві выплачваецца 176,4 рубля, за дзве дозы ізаімуннай плазмы, якая адпавядае вызначаным патрабаванням (750 мл), – 819 руб.

У дзень здачы донары вызваляюцца ад працы з захаваннем сярэдняга заробку. Калі кроў здаецца прама на працы і ў працоўны час, чалавек атрымлівае выхадны ў іншы дзень.

З верасня 2022 года ў Беларусі дзейнічаюць папраўкі, якія прадугледжваюць пераход да бязвыплатнага донарства. Акрамя таго, максімальны ўзрост донараў быў павялічаны з 60 да 65 гадоў.

аз