Мінскі гарадскі суд прыгаварыў былога байца палка Каліноўскага Максіма Ралько да 10 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама ў даход дзяржавы з яго спагналі 14,5 тысяч долараў, паведаміла «Вясна» са спасылкай на Генпракуратуру.
Палітвязня абвінавацілі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці», «удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу».
Мужчыну затрымалі ў 2024 годзе пры ўездзе ў краіну праз беларуска-польскую мяжу ў пункце пропуску «Брэст». Раней было толькі вядома, што ён звольніўся з палка, жыў у Варшаве, а потым нечакана апынуўся ў мінскім СІЗА.
Што вядома пра палітвязня?
Максім меў пазыўны Сцяганосец (рус. Знаменосец). У сюжэце АНТ агучылі, што ён быў наводчыкам мінамётнага разліку і ахоўваў склад. Раней яго знаёмыя расказвалі «Медыязоне», што Максім прыйшоў у Полк Каліноўскага ў 2022 годзе і на баявыя не выязджаў. Служыў у тыле: стаяў на варотах базы і ахоўваў склады.
У пачатку 2024-га Ралько звольніўся з палка і вярнуўся ў Варшаву. Пачаў вывучаць тэсціраванне ў IT, хадзіў на акцыі пратэсту, працаваў ахоўнікам у «Бядронцы». Ён атрымаў статус дадатковай абароны. Праз пару месяцаў пасля вяртання з Украіны ў Польшчу, пісала «Медыязона», Максім пасварыўся з сябрамі і знік. Аднаго з іх ён абвінаваціў у шпіянажы. Потым выйшаў на сувязь у траўні 2024 года. Расказаў, што знаходзіцца ў Германіі і вырашыў там падацца на бежанства. Пазней Максім паведаміў, што збег з лагера для бежанцаў і пакінуў усе дакументы, уключаючы пашпарт.
У сюжэце АНТ распавялі, што ў 2024 годзе Максім чамусьці вырашыў вярнуцца ў Беларусь, але матывы яго дзеянняў не ўдакладняюцца. Яго затрымалі наўпрост у пункце пропуску «Брэст». У сюжэце прадэманстравалі відэазапісы з кабінета органаў, дзе Максім знаходзіўся ў розны час. Цяпер Ралько, як сказана ў сюжэце, «чакае суда» і «актыўна супрацоўнічае са следствам, распавядае пра былых змоўшчыкаў, дапамагае апазнаваць па фатаграфіях».
аз