Беларуская Служба

У Польшчы заснавалі Асацыяцыю беларускіх выдаўцоў

25.11.2025 11:03
У Варшаве падчас фестывалю Pradmova прайшоў устаноўчы сход беларускіх выдаўцоў з мэтай стварэння прафесійнай асацыяцыі.
Кнігі беларускіх выдавецтваўфота: Польскае радыё

У Асацыяцыю беларускіх выдаўцоў увайшло 11 сузаснавальнікаў, якія прадстаўляюць асобныя выдавецтвы або выдавецкія ініцыятывы. Было выбрана кіраўніцтва і сфармавана рэвізійная камісія. Цяпер стаяць задачы зарэгістраваць новую ініцыятыву згодна з польскім заканадаўствам і стварыць цягам наступнага года некалькі праектаў дзеля падтрымкі выдавецкай супольнасці.

Старшынёй Асацыяцыі беларускіх выдаўцоў выбралі Валянціну Андрэеву, рэдактарку кракаўскага выдавецтва Gutenberg.

– За апошнія гады відавочна адбываецца лавінападобны рост колькасці выдавецкіх ініцыятываў за мяжой. Іх ужо не менш за дваццаць. Размовы пра неабходнасць такога аб’яднання для незалежных выдаўцоў вяліся яшчэ ў Беларусі, у той час, калі выдавецкая справа не была такой небяспечнай працай, як цяпер. Выдаўцы заўжды цікавіліся справамі адно аднаго і каардынавалі свае дзеянні. Такое аб’яднанне сапраўды магло ўтварыцца яшчэ ў Беларусі, і я не магу адказаць на пытанне, чаму яно там не ўзнікла. Тут, у эміграцыі, мы ў большай ступені маем патрэбу адно ў адным. Без каардынацыі дзеянняў, без узаемадапамогі і салідарнасці ўсё было б нашмат складаней. Здаецца, усе выдаўцы пагаджаюцца, што мы не канкурэнты, што мы працуем у адным і тым жа полі і намагаемся насыціць патрэбы беларускага грамадства ў самых розных кнігах, – сказала выданню Reform Валянціна Андрэева.

Рэгістрацыя Асацыяцыі – гэта спроба скарыстацца еўрапейскімі механізмамі вырашэння праблем – не індывідуальных, не камерцыйных, а прафесійных праблем усёй супольнасці. Калі Асацыяцыя будзе зарэгістраваная, гэта значыць, што ў выдаўцоў з’явіцца прадстаўнік, які будзе камунікаваць ад яе імя з патрэбнымі інстытуцыямі, з асобнымі аўтарамі ці літаратурнымі агенцыямі, будзе спрабаваць шукаць падтрымку ці выказваць сумесную пазіцыю па нейкіх злабадзённых пытаннях, дадала Валянціна Андрэева.

Reform/ав