Жыхары Беларусі змогуць пазбегнуць абавязковай блакіроўкі інтэрнета пры ўездзе ў Расію. Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел Ткач на канферэнцыі A1 Tech Day, піша Tochka.by.
У кастрычніку быў уведзены бан на суткі для нумароў у роўмінгу з мэтаю барацьбы з дронамі. Распаўсюджваецца ён не толькі на замежнікаў, але і на расійскіх абанентаў, якія вяртаюцца з-за мяжы.
Кіраўнік Мінсувязі адзначыў, што ў Расіі тэстуюць новы інструмент – выкарыстанне капчы. Гэта дазваляе пацвердзіць, ці з'яўляецца абанент жывым чалавекам.
Мінсувязі Беларусі ўжо вядзе перагаворы з расійскімі калегамі, каб па меры гатоўнасці да новай сістэмы падключалі і беларусаў. Калі гэта адбудзецца, то пры ўездзе ў Расію любому беларусу дастаткова будзе атрымаць СМС са спасылкай, па якой трэба перайсці.
«Там будзе, хутчэй за ўсё, выява з лічбамі, якую вы павінны ўвесці ад рукі», – растлумачыў Ткач.
З пачатку 2025 года замежнікі не могуць набыць расійскія сім-карты без складанай працэдуры верыфікацыі. Закранула новаўвядзенне і тых, хто падключыўся да расійскіх аператараў раней за 2025-ы. З 1 ліпеня іх пачалі адключаць.
Каб гэтага не адбылося, іншаземцам трэба было прайсці чатыры этапы. У тым ліку здаць сваю біяметрыю, зарэгістравацца на дзяржпаслугах і атрымаць страхавы нумар.
Узнікалі пытанні і падчас падключэння да Wi-Fi, бо для сувязі патрабаваўся расійскі нумар.
вх