Беларуская Служба

Адміністрацыя Дональда Трампа абмяркоўвае з беларускім бокам вызваленне, як мінімум, 100 палітзняволеных

26.11.2025 14:45
Некаторыя амерыканскія чыноўнікі пераконваюць, што супраца паміж ЗША і Беларуссю мае на мэце выцягнуць Мінск з геапалітычнай арбіты Масквы.
Прэзідэнт ЗША Дональд ТрампPAP/EPA/WILL OLIVER / POOL

У рамках «працяглага збліжэння» паміж ЗША і Беларуссю, адміністрацыя прэзідэнта Дональда Трампа абмяркоўвае магчымае вызваленне Мінскам, як мінімум, 100 палітзняволеных, паведамілі агенцтву Reuters тры крыніцы, знаёмыя з гэтым пытаннем.

З моманту ўступлення Дональда Трампа на пасаду прэзідэнта ЗША, рэжым у Беларусі вызваліў дзясяткі затрыманых у рамках некалькіх хваляў вызвалення. Напрыклад, у верасні былі вызваленыя 52 чалавекі. Аднак зараз, верагодна, гаворка ідзе пра больш за 100 вязняў.

Між тым, праваабарончыя арганізацыі нагадваюць, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўтрымлівае больш за 1 000 палітзняволеных, у тым ліку, былых кандыдатаў у прэзідэнты і лаўрэата Нобелеўскай прэміі.

Пакуль незразумела, хто канкрэтна можа быць вызвалены. Белы дом адмовіўся каментаваць справу, а пасольства Беларусі ў Вашынгтоне не адказала на просьбу аб каментары, паведамляе Reuters.

Імкненне адміністрацыі Дональда Трампа да вызвалення найбуйнейшай на сённяшні дзень групы зняволеных – гэта частка неадназначнай палітыкі амерыканскага прэзідэнта па паляпшэнні адносін з аўтарытарнай дзяржавай у абмен на перспектыву зняцця санкцый.

Некаторыя амерыканскія чыноўнікі пераконваюць, што супраца адміністрацыі Дональда Трампа з Беларуссю – гэта частка доўгатэрміновай, больш шырокай стратэгіі па выцягванні Мінска з геапалітычнай арбіты Масквы.

Адной з ключавых фігур ЗША на перамовах з’яўляецца Джон Коўл, якога прэзідэнт Трамп прызначыў спецыяльным пасланнікам па Беларусі. У апошнія месяцы Дональд Трамп і яго прадстаўнікі размаўлялі непасрэдна з Лукашэнкам, у той час, як Міністэрства фінансаў ЗША пачало здымаць некаторыя санкцыі, накладзеныя на Беларусь.

Між тым, многія еўрапейскія дыпламаты, асцерагаюцца любога збліжэння паміж Вашынгтонам і Беларуссю, нагадваючы, што нягледзячы на нядаўняе вызваленне палітзняволеных, краіна не спыніла палітычна матываваных арыштаў.

Дакладна не было зразумела, што ЗША прапануюць Лукашэнку ў абмен на пагадненне аб вызваленні зняволеных. Верагодна, гаворка можа ісці ў тым ліку пра змякчэнне санкцый ЗША ў дачыненні да калійнага сектара Беларусі.

Тым не менш, Джон Коўл публічна заявіў, што ЗША хочуць зноў адкрыць сваё пасольства ў Мінску, якое было закрыта ў 2022 годзе пасля паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

аз

У Літве ля мяжы з Беларуссю афіцыйна адкрываецца інфраструктура для вайскоўцаў ЗША

26.11.2025 13:44
Інвестыцыі Літвы ў інфраструктуру для амерыканскіх войскаў перавышаюць 200 млн долараў ЗША.