Пасля саміту АДКБ у Бішкеку Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Рэспубліку Саюз М'янма. Ён будзе праходзіць 27-28 лістапада, паведамляе ягоная прэс-служба. Афіцыйныя перамовы ў вузкім, а затым у пашыраным складах пройдуць у сталіцы Мʼянмы – горадзе Нэйпʼіда.
Абʼяднанне BELPOL са спасылкай на лісты МЗС паведаміла, што Лукашэнка паляціць у Мʼянму абмяркоўваць пастаўкі зброі. У прыватнасці, чакаюцца перамовы аб пастаўках сістэм радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ), продажы беспілотнікаў і магчымай арганізацыі іх зборкі ў Мʼянме, мадэрнізацыі старой ваеннай тэхнікі гэтай азіяцкай краіны.
Кіраўнік ваеннай хунты Мʼянмы Мін Аун Хлайн сустракаўся з Лукашэнкам у Мінску ў пачатку сакавіка. Паводле інфармацыі СМІ, ён «абмеркаваў пытанні эканамічнага і гандлёвага супрацоўніцтва і бяспекі, уключаючы пастаўкі зброі».
2 лютага 2021 года ў Мʼянме пад кіраўніцтвам галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі старэйшага генерала Мін Аун Хлайна быў здзейснены ваенны пераварот, які выклікаў масавыя пратэсты, якія перараслі ў грамадзянскую вайну. Улада перайшла да вайсковай хунты.
У Мʼянме, таксама як і ў Беларусі, існуе працэдура пазбаўлення грамадзянства. Акрамя таго, Мʼянма і Беларусь – адзіныя краіны, у дачыненні да якіх Міжнародная арганізацыя працы прыняла рэзалюцыю аб прымяненні артыкула № 33 свайго статута, такім чынам заклікаўшы сусветную супольнасць да перагляду адносін з іх уладамі.
Мʼянма, у якой устаноўлена жорсткая дыктатура, абкладзена санкцыямі і знаходзіцца практычна ў поўнай міжнароднай ізаляцыі. Прычым абмежаванні супраць уладаў Беларусі звязаныя і з гэтай дзяржавай. Напрыклад, Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць асоб і арганізацый, якія садзейнічалі пастаўкам зброі і абсталявання для ўзброеных сіл Мʼянмы з Расіі і Беларусі.
Люстэрка/ав