Сама меней 9 тыс. 185 чалавек зазнала палітычны крымінальны пераслед у Беларусі з 2020 года, гаворыцца ў падрыхтаванай Праваабарончым цэнтрам «Вясна» справаздачы пра сітуацыю з правамі чалавека за лістапад 2025-га. Пра гэта паведамляе «Позірк».
Адзначаецца, што ў дачыненні да 7 тыс. 840 як найменей вынесеныя палітычна матываваныя прыгаворы (з улікам 37 накіраваных на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне). Такім чынам асуджана мінімум 85,4% асоб, што трапілі пад такі пераслед.
За лістапад праваабаронцы прызналі палітвязнямі 33 чалавекі, агульная колькасць на канец месяца склала 1 тыс. 222 (сярод іх – 199 жанчын). «Агулам з мая 2020 года рашэнні пра прызнанне палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да 4 тыс. 288 чалавек, – гаворыцца ў дакуменце. – 3 тыс. 66 чалавек, з якіх 623 жанчыны, ужо знаходзяцца на свабодзе ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са зменай меры стрымання».
На 4 лістапада праваабаронцам было вядома як найменей пра 182 палітвязняў у «асабліва ўразлівым становішчы, несумяшчальным са знаходжаннем у няволі». Сярод іх – людзі з цяжкімі захворваннямі (66), шматдзетныя, асобы «з сямейнымі цяжкасцямі або на прымусовым псіхіятрычным лячэнні».
«Таксама ў гэтую колькасць уваходзяць палітвязні, якія дыскрымінуюцца па розных падставах: знаходзяцца ў стане інкамунікада, не выходзяць з-за кратаў, нават нягледзячы на тое, што першапачатковы тэрмін іх пакарання скончыўся», – адзначана ў справаздачы.
вс